МІ́НСКІ КАСЦЁЛ СЫМО́НА І АЛЕ́НЫ, Мінскі Чырвоны касцёл,

помнік архітэктуры неаготыкі з элементамі мадэрну ў Мінску на пл. Незалежнасці. Пабудаваны ў 1908—10 (арх. Т.Пайздэрскі, пры ўдзеле У.Марконі і Г.Гая) па фундацыі памешчыка са Случчыны Э.Вайніловіча і яго жонкі Алімпіі, якія ахвяравалі грошы на касцёл у гонар святых Сымона і Алены як помнік у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. 3-нефавы 3-вежавы храм асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з развітой паўцыліндрычнай апсідай. Цэнтр. неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Ядро кампазіцыі — высокая прамавугольная 4-ярусная вежа. Абапал алтарнай ч. гал. вежу дапаўняюць 2 невял. шатровыя вежы. З паўд.-зах. боку да гал. фасада прыбудавана 1-павярховая галерэя. Уваходы аформлены тамбурамі. Высокія шчыты фасадаў будынка аздоблены дэкарыраванымі арх. паясамі, машыкулямі і інш. Плоскасці сцен прарэзаны паўцыркульнымі высокімі рознавял. аконнымі праёмамі. Над уваходамі вокны-ружы. У маст. аздабленні памяшканняў вітражы (маст. Ф.Бруздовіч), люстры з медзі (маст. Г.Вашчанка). Над гал. парталам касцёла герб Вайніловічаў. У комплексе плябанія — мураваны 2-павярховы будынак і мураваная агароджа з брамай. З 1946 у будынку размяшчаліся кінастудыя «Беларусьфільм», з 1975 Дом кіно. З 1990 дзеючы касцёл. З 1999 пры касцёле працуе малая тэатр. зала бел. паэт. т-ра «Зніч».

Л.Г.Лапцэвіч, А.Ю.Пятросава.

Мінскі касцёл Сымона і Алены.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)